Беларуская Служба

Польшча — на другім месцы ў свеце па экспарце надмагільных лампадак, але яе даганяе азіяцкая краіна

28.10.2025 10:51
Найбольшая колькасць польскіх лампадак паступае ў Германію, Нідэрланды і Румынію.
.
.Martyn Jandula/Shutterstock

Польшча з’яўляецца безумоўным лідарам у Еўропе па вытворчасці і экспарце надмагільных лампад, а ў свеце яе апярэджваюць толькі кітайцы. Аднак ужо праз год гэта можа змяніцца, бо расце моц новага канкурэнта з Азіі — піша Rzeczpospolita.

Згодна з дадзенымі Міжнароднага цэнтра гандлю (International Trade Center) і кампаніі Akcenty, да якіх атрымала доступ выданне, вытворчасць знічак для замежных рынкаў прынесла Польшчы за апошні год 727 млн еўра, «што азначае вялікі ўдзел у глабальным рынку — 16,2%». Газета падкрэслівае, што гэта дае Польшчы пазіцыю лідара ў Еўропе, а ў свеце больш лампад экспартуе толькі Кітай.

Найбольшая колькасць польскіх знічак паступае ў Германію, Нідэрланды і Румынію. Летась іх экспарт з Польшчы крыху знізіўся — прыкладна на 3%.

«Яшчэ адным важным гульцом на сусветным рынку, акрамя Польшчы і Кітая, з’яўляецца В’етнам, які адстае ад вынікаў польскага экспарту зусім нязначна. Яго доля ў глабальным экспарце лампадак меншая ўсяго на 0,1 працэнтнага пункта. Больш за тое, у 2024 годзе В’етнам павялічыў экспарт аж на 62 адсоткі», — піша Rzeczpospolita.

нг